Беларусы Кракава наведалі супольнасць у Любліне

7—8 лютага 2025 г. прадстаўнікі супольнасці беларусаў каталікоў Кракава разам са сваім душпастырам ксяндзом Юрыем Рашатко наведалі беларускіх каталікоў Любліна.

Галоўнай мэтай пілігрымкі была інтэграцыя супольнасцей. У Любліне ўдзельнікаў чакалі знаёмствы паміж сабой і з гісторыей горада, дзяленне досведам душпастырстваў. Кульмінацыей спаткання была Святая Імша на беларускай мове, якая адбылася ў Доме Фундацыі Святога Яна Паўла ІІ.

Вясной мінулага года стала вядома, што сустрэчы беларусаў у Любліне часова перастануць адбывацца. Да сённяшняга дня супольнасць не мае сталага святара, які б адпраўляў Імшы. Таму сустрэча з супольнасцю беларусаў Кракава была дадатковай магчымасцю сустрэцца разам і памаліцца на роднай мове.

Госці вельмі ўдзячныя люблінскай моладзі за цёплую сустрэчу, супольную малітву і знаёмства з горадам. 

Таксама паглядзіце